Раённае пасяджэнне вучэбна-метадычнага аб'яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры

13.10.2022 г. перад настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры навучальных устаноў Першамайскага раёна г. Віцебска гасцінна адчыніў дзверы Беларускі тэатр “Лялька”. Тэатр, які  ў нашым горадзе з’яўляецца сапраўдным асяроддзем захавання беларускай мовы, культуры і нацыянальных традыцый. Тэатр, у якім працуе зладжаны творчы калектыў майстроў сцэны, апантаных сваёй справай, няўрымслівых і яркіх.
Загадчык літаратурна-драматычнай часткі тэатра Людміла Іванаўна Сіманёнак, вітаючы гасцей, паабяцала зрабіць іх на час шчаслівымі. І абяцанне было спраўджана: у сценах “Лялькі” беларуская мова жыве  і пачувае сябе гаспадыняй, тут шчыра думаецца па-беларуску. У судакрананні з  сапраўдным талентам, што атрымаў тут адвечную прапіску, міжволі ўсведамляецца невычарпальная глыбіня нашай нацыянальнай культурнай спадчыны, якая беражна захоўваецца і развіваецца, дзякуючы творчаму калектыву “лялечнікаў”. Ці  ж не гэта і ёсць шчасце ?!
Да ўвагі настаўнікаў была прапанавана традыцыйная беларуская батлейка ўзору ХІХ стагоддзя ў выкананні непаўторных Ганны Сцепанец і Валерыя Зімніцкага.Уразілі фантастычнае майстэрства пераўвасаблення акцёраў, пераканальнасць, здольнасць захапляць і тонка адчуваць глядацкую аўдыторыю. Зацятае змаганне Дабра і Зла ды напамін Светлага Анёла “Чалавеча бедны, не правазнасіся!” прымусілі задумацца пра адвечнае, а вясёлыя інтэрмедыі выклікалі шчырую ўсмешку і нікога не пакінулі абыякавым.
У нязмушанай гутарцы з Людмілай Іванаўнай Сіманёнак настаўнікі даведаліся пра гістарычныя перэпетыі, у якія давялося патрапіць будынку, што стаў сапраўдным домам для тэатра, пра шырокую геаграфію гастрольных тураў, пра ўнікальныя творчыя праекты, тэматычныя мерапрыемствы, святочныя канцэрты, ранішнікі і вечарыны. А яшчэ пра гледачоў, якіх тут па- сапраўднаму любяць і чакаюць.
Актрыса тэатра Ларыса Аляксандраўна Мартынава пазнаёміла гасцей з рознымі канструкцыямі тэатральных лялек, правяла майстар-клас па ваджэнні. З яе лёгкай рукі настаўнікі хутка пераўвасабляліся ў персанажаў, чые лялькі трапляліся ім на вока. Кот манерна хапаўся за сэрца, трос галавой, заўзята чухаў патыліцу, а Вожык смешна пыхкаў, імкнучыся бліжэй пазнаёміцца з прысутнымі. І сапраўды, настаўнікі што дзеці!
Напрыканцы ўдзельнікі атрымалі шчырае запрашэнне ў тэатр “Лялька” на сустрэчы з цікавымі, неардынарнымі людзьмі, на спектаклі для дзяцей і дарослых, на спатканне з Казкай, добрай, мудрай і незабыўнай.
З вялікай удзячнасцю за цёплы прыём адміністрацыі Беларускага тэатра “Лялька” настаўнікі беларускай мовы і літаратуры  ДУА “Гімназія №8 г. Віцебска”.